Я́КАЎ II (James; 14.10.1633, Лондан — 5.9.1701),
кароль Англіі [1685—88]. З дынастыі Сцюартаў. Сын Карла I, брат Карла II. Імкнуўся аднавіць абсалютызм і яго апору — каталіцкую царкву. У 1685 распусціў парламент і правіў аднаасобна; у 1687 выдаў «Дэкларацыю аб верацярпімасці», якая адкрывала шлях да ператварэння каталіцызму ў дзярж. рэлігію, замяніў на важных дзярж. пасадах прыхільнікаў англіканства католікамі. Палітыка Я. II выклікала кансалідацыю апазіцыйных сіл. Скінуты ў выніку дзярж. перавароту, т.зв. Слаўнай рэвалюцыі (1688—89), якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Пасля высадкі Вільгельма ў Англіі Я. II у снеж. 1688 уцёк за мяжу.
т. 18, кн. 1, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)